Госці змаглі ўкрасці шатаўт у Шалеснага, затое Зайчык выйшаў у лідары бамбардзірскай гонкі.
Новы год для «Ліды» стартаваў з даволі ўпэўненай перамогі над пінчукамі, нягледзячы на нярвовую канцоўку. Пасля безгалявой нічые па выніках стартавай дваццаціхвілінкі, у другой траціне гаспадары зрабілі сур’ёзную заяву на перамогу.
Спачатку падчас хуткай атакі дзейсна спрацавала моладзевае звяно «рыцараў». Вадзім Апанасевіч прастрэліў на Ягора Гайдука, і 18-гадовы форвард замкнуў перадачу, закінуўшы першую шайбу ў экстралізе ў кар’еры.
На 36-й хвіліне «Ліда» падвоіла перавагу. Павел Маршчонак знайшоў класным пасам пазабыванага «ястрабамі» Дзяніса Малішэўскага, які сваім кідком не пакінуў шанцаў Раману Бабарыку. Менавіта брамнік пінчукоў доўгі час пакідаў сваю каманду ў гульні, рэгулярна здзяйсняючы класныя сэйвы, але ў гэтай сітуацыі апынуўся нямоглы.
На старце трэцяга перыяду важкае слова сказаў Дзяніс Зайчык. Ён пераправіў шайбу дакладна ў мэту пасля накіду Мікіты Волеса і выйшаў на першае месца ў спісе бамбардзіраў экстралігі «Б». Берасцейцы ў панядзелак не гулялі, таму Зайчык абагнаў Іллю Балаболкіна, набраўшы 27 (10+17) ачко ў сезоне.
Галоўным засмучэннем для лідскіх заўзятараў і брамніка «рыцараў» Паўла Шалеснага стала шайба Аляксея Кацялоўскага, закінутая за дзве з невялікім хвіліны да канца. Праўда, на большае «ястрабаў» не хапіла.
3:1 – і «Ліда» усё яшчэ захоўвае шанцы ўварвацца ў змаганне за месца ў топ-2 дывізіёна. Адставанне «ястрабаў» ад чацвёртага месца вырасла да сямі балаў.
ЛІДА – ПІНСКІЯ ЯСТРАБЫ – 3:1 (0:0, 2:0, 1:1)
4 студзеня. Ліда, Лёдавы палац. Пачатак – у 19.00. 203 гледачы.
Суддзі: А. Мацкевіч (Горадня), В. Гацуля (Мінск), О. Кузьміных (Жлобін).
ЛІДА: Шалесны; Тарасевіч – Вусік, Ідыятулін – Зайчык – Спяшылаў; Госцеў – Волес, Бунец – В. Міхайлаў (А) – Рашэўскі; Малішэўскі – Кудзін, Серакоў (Да) – Бастрыкін – Маршчонак (А); Апанасевіч – Гайдук – Смычкоў; Шклярэўскі, Кардашоў.
ПІНСКІЯ ЯСТРАБЫ: Бабарыка (0.00-58.41, 59.09-59.35, 59.41-60.00); Станевіч – Кудраўцаў-ст, Пухлоўскі (А) – Сцяпанаў – Н. Міхайлаў (А); Купрыянчык – Кацялоўскі, Пышкайла – Роўба – Маслюкоў; Свірыд – Лямачка, Перагуду – Быліна (Да) – Фядосаў; Вярэніч – Карсакаў – Штермер.
ШАЙБЫ: 1:0 – Гайдук (Апанасевіч, 22.53). 2:0 – Малішэўскі (Бастрыкін, Маршчонак, 35.22). 3:0 – Зайчык (Волес, Ідыятулін, 43.25). 3:1 – Кацялоўскі (Купрыянчык, Перагуду, 57.43).
КІДКІ: 30:29 (12:10, 11:10, 7:9).
ШТРАФ: 6 (В. Міхайлаў, Волес, Апанасевіч) – 2 (Маслюкоў).
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Шалесны – Бабарыка.