Ўсе шэсць шайбаў у гэтым драматычным двубоі былі закінуты ў няроўных складах.
Гэтым зябкім вечарам супернікі ў Лідзе ўладкавалі для заўзятараў сапраўдную феерыю. Безумоўна, такія матчы фарбуюць чэмпіянат. Хай гульцы і мыляліся парой у простых сітуацыях. Але яны паказалі даволі хуткасны хакей без сярэдняй зоны. І з дастаткам галявых момантаў.
А яшчэ на славу адпрацавалі гульню ў няроўных складах. Успомніце, цібачылі вы такое раней? Калі цэлых шэсць шайбаў закінуты ў няроўных складах? Наўскідку ўспомніць цяжка. А калі каманда арганізуе адразу тры галы ў меншасці? «Рыцары» сёння выдатна наладзілі сваю контратаку і пакаралі гасцей за абмылы на сваёй сіняй. Абмылы, якія няможна дапускаць у фармаце «5 на 4».
Яшчэ адна крыўдная дзейсная абмыла на рахунку Малкава. Ён пачынаў у каўнярах «Ястрабаў», але на 23-й хвіліне проста падарыў Зайчыку дубль. Артур з’ехаў за браму, каб вярнуць шайбу партнёру. Але замарудзіўся і дазволіў Ідыятуліну сябе абкрасці. Зайчык расстрэльваў ужо асірацелую рамку. Малкава замянілі не адразу: праз пяць хвілін ён прапусціць трэці гол і толькі тады пакоціць на лаўку. Праўда, Хмыз быў «сухім» нядоўга. Менш чым праз дзве хвіліны Смычкоў «рэалізаваў» яшчэ адну лідскую меншасць. Усталяваўшы даканцовы рахунак.
У трэцім перыядзе «рыцары» згулялі граматна і па рахунку. А візітанты нічога з гэтым зрабіць не змаглі.
ЛІДА – ПІНСКІЯ ЯСТРАБЫ – 4:2 (1:1, 3:1, 0:0)
18 лістапада. Ліда, Лёдавы палац. Пачатак – у 19.00. 132 гледачы.
Суддзі: А. Мацкевіч (Горадня), Е. Ганчароў (Гомель), Дэн. Казакоў (Магілёў), І. Міхеенка (Наваполацк).
ЛІДА: Палякаў; Юхневіч – Тарасевіч, Апанасевіч – Спяшылаў (Да) – Смычкоў; Волес – Госцеў, Бунец – В. Міхайлаў (А) – Рашэўскі; Вусік – Сірэнка, Векавішчаў – Зайчык – Ідыятулін; Малішэўскі – Цітук, Буяк – Бусько – Бастрыкін.
ПІНСКІЯ ЯСТРАБЫ: Малкаў (Хмыз, 27.52); Станевіч – Кудраўцаў-ст, Карсакаў – Быліна (Да) – Перагуду; Свірыд – Кудраўцаў-мл, Шувалаў – Роўба – Маслюкоў; Мартынюк – Лямачка, Н. Міхайлаў – Сцяпанаў (А) – Пухлоўскі (А); Купрыянчык, Штермер, Фядосаў.
ШАЙБЫ: 1:0 – Зайчык (Вусік, Ідыятулін, 14.00 – бол.). 1:1 – Пухлоўскі (Н. Міхайлаў, Кудраўцаў-ст, 19.58 – бол.). 2:1 – Зайчык (Ідыятулін, 22.14 – мен.). 2:2 – Роўба (Шувалаў, Свірыд, 23.46 – бол.). 3:2 – Бунец (Зайчык, 27.52 – мен.). 4:2 – Смычкоў (Спяшылаў, 29.24 – мен.).
КІДКІ: 36:29 (4:15, 12:7, 20:7).
ШТРАФ: 18 (Буяк, Зайчык, В. Міхайлаў, Бусько – 12) – 6 (Роўба – 4, Сцяпанаў).
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Палякоў – Н. Міхайлаў.