28.11.2023

Капітан хакейнага клуба «Ліда» Павел Маршчонак у эксклюзіўным інтэрв’ю карэспандэнту «БХ» Аркадзю Падуту падвёў вынікі матча з мінскай «Юнацтвам» (1:4) на турніры памяці Дубко. Форвард у гэтай гульні адрозніўся адзінай закінутай шайбай сваёй каманды.

— Супернік добра гуляў. Мы саступалі ў руху, крыху прайгравалі ў змаганні, паколькі хакеісты «Юнацтва» тэхнічней. Усё адно імкнуліся гуляць за кошт самааддачы. Добра, што закінулі першую шайбу ў сезоне. У нас была папярэдняя гульня з Гродна, пасля якой на нас адклаўся адбітак, што з «абаранкам» гуляем. Забілі, крыху адчулі, разняволіліся. Шчыра кажучы, «Юнацтва» была мацней.

— Якія заданні стаяць перад камандай і асабіста перад вамі на турнір памяці Дубко?

— Нам заданняў не агучвалі, гэта падрыхтоўка да Кубка Беларусі. Рыхтуемся, у нас ёсць трэнерскае заданне і мы яго пільнуемся. Тройкі прыціраюцца адзін да аднаго, згульваюцца пары абаронцаў. Для нас гэты турнір — этап падрыхтоўкі да сезона.

— На наступны дзень камандзе мае быць увечар згуляць другі матч у сезоне з гарадзенскім «Нёманам». У каманды будзе больш часу на адпачынак, чым ля «Нёмана». Наколькі гэта дапаможа і ў чым трэба дадаць, каб здабыць перамогу?

— Само сабою, больш часу на адпачынак пойдзе нам на руку, але ў цэлым не бяром у галаву падобныя рэчы, проста ёсць матч у пэўны час, прыходзім і гуляем.

— Турнір памяці Дубко — адзіны турнір, на якім можна каментаваць судзейства. Наколькі вы ім задаволены?

— Брыгада выдатна спрацавала, ніякіх прэтэнзій няма. Судзейства было бесстаронняе.