26.11.2020

З адным балам у актыве. «Рыцары» выдалі круты камбэк, але прайгралі «Авіятару» па булітах

Усё вырашыў неверагодны штрафны кідок! На жаль, не ў нашым выкананні.

«Авіятар» і «Ліда» уладкавалі запраўднае сячэнне за ачкі. «Рыцары» не хацелі адпускаць лідараў групы «Б», «лётчыкі» не хацелі адпускаць «рыцараў». У гасцей гэта была толькі другая афіцыйная гульня за 21 дзень. Магчыма, менавіта ў гэтым варта шукаць корань бед каманды Эдуарда Валіуліна.

Галоўная бяда яго калектыву: нізкі адсотак рэалізацыі момантаў. Вось і сёння лідзяне перакідалі гаспадароў амаль удвая, але павезлі толькі адзін бал. На працягу двух перыядаў «рыцары» займаліся галоўным чынам тым, што ляпілі героя сустрэчы з галкіпера «Авіятара» Мытніка. А вось з яго візаві Шалеснага героя гэтым вечарам не выйшла: яго замянілі пасля другой прапушчанай шайбы ў самым пачатку другой трэці.

Замена, трэба сказаць, спрацавала. Палякоў згуляў у цэлым надзейна і дапамог камандзе зрабіць камбэк у трэцім перыядзе. Лідзяне перавярнулі гульню за дзесяць хвілін. Бунец, Сірэнка і Маршчонак прымусілі трыбуны замоўкнуць і засмуткаваць. Але ненадоўга. Каму, як не Аляксею Паценкіну было ратаваць сітуацыю. І ён выратаваў, перавядучы гульню ў авертайм.

Пяціхвілінка да гола пачыналася нудна, а сканчалася ярка. Абедзве каманды пад заслону стварылі па два-тры жалезныя моманты. Але брамнікі давалаклі матч да булітаў. Дзе зоркай стаў Баранаў: ён прынёс «Авіятару» два балы неверагоднай хакейнай Паненкай.

АВІЯТАР – ЛІДА – 4:3 (1:0, 1:0, 1:3, 0:0, 1:0) БУЛ
11 лістапада. Баранавічы, Лёдавы палац. Пачатак – у 19.00. 268 гледачоў.
Суддзі: Н, Разумовіч, У. Руф (абодва – Мінск), І. Міхеенка (Наваполацк), Д. Казакоў (Магілёў).
АВІЯТАР: Мытнік; Дзегцяроў – Філіпаў, Баранаў – Кацялоўскі – Л. Паценкін; Таболін – Казарэз, Н. Міхайлаў – Масілевіч – Арцюшэнка; Кухараў – Кузьміч – Хаміцэвіч; Дэрыба – Мішкевіч – Налётаў; Лукічоў.
ЛІДА: Шалесны (Палякаў, 20.46); Тарасевіч – Вусік, Бунец – Зайчык – Серакоў; Волес – Госцеў, Бастрыкін – В. Міхайлаў – Рашэўскі; Малішэўскі – Цітук, Маршчонак – Спяшылаў – Ідыятулін; Гайдук – Смычкоў – Бусько.
ШАЙБЫ: 1:0 – Дзегцяроў (Н. Міхайлаў, 9.51). 2:0 – Арцюшэнка (20.46). 2:1 – Бунец (В. Міхайлаў, Тарасевіч, 43.16 – бол.). 2:2 – Сірэнка (Ідыятулін, 52.45). 2:3 – Маршчонак (Зайчык, 53.58). 3:3 – А. Паценкін (Філіпаў, 57.34). 4:3 – Баранаў (65.00).
БУЛІТЫ: 1:0 – Арцюшэнка. 1:0 – Бунец. 1:0 – Масілевіч. 1:0 – Спяшылаў. 1:0 – А. Паценкін. 1:0 – В. Міхайлаў. 1:0 – Кацялоўскі. 1:1 – Тарасевіч. 2:1 – Баранаў. 2:1 – Серакоў.
КІДКІ: 34:50 (12:12, 11:20, 7:13, 3:5, 1:0).
ШТРАФ: 12 (Масілевіч, Дзегцяроў – 4, Н. Міхайлаў – 4, Таболін) – 2 (Рашэўскі).
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Філіпаў – Сірэнка.