26.11.2020

Эдуард Валіулін: «Пачалі лезці на браму «Віцебска», таму і пайшлі галы»

Пасля матча паміж «Лідай» і «Віцебскам» (4:2) галоўныя трэнеры камандаў падвялі вынік двубоя.

Раман Юпатаў, галоўны трэнер «Віцебска»:

– Калегу віншую з заслужанай перамогай. Сёння мы практычна ідэальна адыгралі першы перыяд, з выняткам адной абмылы пры выйсці з зоны. Стварылі велізарную колькасць галявых момантаў, а ў другім перыядзе правалілі тры змены. Дрэнна згулялі, прытым усе звёны. Мабыць, ужо паверылі ў тое, што перамога дастанецца лёгка. У апошняй 20-хвілінцы супернік ужо пайшоў у адкат, пачаў дзеяць на ўтрыманне рахунка. Паспрабавалі выратаваць матч, але рабіць гэта трэба было не ў трэцім перыядзе, а гуляць усе шэсцьдзесят хвілін.

Эдуард Валіулін, галоўны трэнер «Ліды»:

– Мы першы перыяд правялі ні хібка ні зыбка. Не тое каб былі не гатовы, але чамусьці дзеялі на паўхуткасцях. У другім перыядзе дадалі, практычна цалкам перайгралі суперніка, як па рахунку, гэтак і па руху, па самааддачы. Пачалі лезці на браму «Віцебска», таму і пайшлі галы. Калега слушна сказаў: у трэцім перыядзе мы імкнуліся дзеяць прасцей, але ўсё ж прапусцілі неабавязковую шайбу. За восем хвілін двойчы выдаліліся, прыйшло бязладдзе, але канцоўка атрымалася спакойнай. Усіх з перамогай!