23.10.2020

У першым афіцыйным матчы паміж «Лідай» і «Авіятарам» мацней апынуліся «рыцары»

Ключавым адрэзкам матча стала канцоўка другога перыяду, а таксама няважная гульня камандаў у большасці.

Першы перыяд цалкам застаўся за гаспадарамі: яны адкрылі рахунак на 12-й хвіліне высілкамі Бусько, потым мелі шмат большасці і маглі стварыць сабе прыстойную перавагу, але «лётнікі» выстаялі. А неўзабаве пасля перапынку зраўналі не толькі лічбы на табло – ход матча ўжо не выглядаў такім выяўным. Праўда, у гэтай невыяўнасці «рыцары» усё ж адшукалі шляхі да каўняроў нядрэнна праяўлялага сябе Ўвярэдніку. Юны брамнік «Авіятара» у дзень свайго паўналецця вельмі хацеў паказаць усё, на што здольны. І да пары до часу ў Мікіты атрымвалася.

Магчыма, каманда здолела б павіншаваць юнака з днём народзінаў, калі б не праваліла канцоўку другога перыяду, прапусціўшы двойчы на сцяжку. Асабліва крыўднай атрымалася шайба Бастрыкіна, закінутая ва ўнісон з сірэнай.

Нягледзячы на «-3» па выніках 40 хвілін, «Авіятар» не здаўся. Гэта каманда ўжо няраз дэманстравала свой характар, не стаў выняткам і сённяшні вечар. Важнай для гасцей апынулася шайба Змітра Казарэза праз 96 секундаў пасля аднаўлення гульні, якая надала «лётнікам» дадатковы імпульс. Яны ўзмацнілі ціск на браму Палякова, прымусіўшы «рыцараў» падаляцца. Крытычнай для гаспадароў сітуацыя стала ў канцоўцы, калі яны змушаны былі абараняцца ўчатырох і нават утрох супраць пяцёркі, а на пэўных адразаннях і шасцёркі гульцоў «Авіятара».

Але выстаялі, і тут пра характар можна казаць ужо ў дачыненні хакеістаў «Ліды», якія, не шкадуючы сябе, імкнуліся не дапусціць трэцяй прабоіны. Аднойчы яна ўсё ж здарылася, але шайба пабывала ва ўжо ссунутых каўнярах. «Лётнікам» гэтым вечарам не хапіла некалькіх лідараў, якія ўмеюць развязваць у такія моманты – у прыватнасці, гульню прапускалі браты Паценкіны.

«Ліда» усё ж здабыла важную перамогу ў дзень 10-годдзя мясцовай арэны і падцягнулася бліжэй да запаветнай чацвёркі.

ЛІДА – АВІЯТАР – 4:2 (1:0, 3:1, 0:1)
25 верасня. Ліда, Лёдавы палац. Пачатак – у 19.30. 301 гледачоў.
Суддзі: Е. Ганчароў, Д. Грыцкевіч, І. Міхеенка.
ЛІДА: Палякоў; Тарасевіч – Вусік, Маршчонак (А) – Зайчык – Бастрыкін; Госцеў – Кардашоў, Буяк – В. Міхайлаў (А) – Серакоў (Да); Волес – Сірэнка, Рашэўскі – Спяшылаў – Ідыятулін; Малішэўскі – Мацюшэнка, Будзевіч – Бусько – Апанасевіч.
АВІЯТАР: Увярэднік (56.20; 56.34-57.20; 59.52-60.00); Таболін – Нікіцін, Налётаў (А) – Клімавец (А) – Н. Міхайлаў (Да); Міляеў – Дзегцяроў, Кацялоўскі – Кузьміч – Баранаў; Казарэз – Назаранаў, Равінскі – Залесінскі – Хаміцэвіч; Кухараў – Някрасаў – Герасімаў.
ШАЙБЫ: 1:0 – Бусько (Рашэўскі, Ідыятулін, 11.42). 1:1 – Налётаў (Н. Міхайлаў, 24.45). 2:1 – Рашэўскі (Кардашоў, Волес, 29.51 – бол.). 3:1 – Спяшылаў (Волес, 38.04). 4:1 – Бастрыкін (Вусік, Зайчык, 39.59). 4:2 – Казарэз (Кацялоўскі, 41.36).
КІДКІ: 38:32 (18:4, 15:12, 5:16).
ШТРАФ: 14 (Сірэнка, Буяк, Будзевіч, Рашэўскі, камандны штраф – 2, Вусік, Волес) – 22 (Таболін, камандны штраф – 2, Хаміцэвіч – 12, Дзегцяроў, Кузьміч, Баранаў).
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Казарэз – Спяшылаў.