27.09.2020

Мікіта Кардашоў: «У матчы ўся каманда працавала на дадатны вынік»

Абаронца «Ліды» Мікіта Кардашоў скаментаваў вынік двубоя з «Пінскімі ястрабамі» (4:3), падчас якога адзначыўся дублем і галявой перадачай.
– Самае галоўнае, што нас прарвала, пачалі закідваць шайбы. Усё-такі цяжка маральна, калі твая каманда чатыры афіцыйныя матчы не можа паразіць браму супернікаў. Пагаварылі з хлопцамі, трэнер даў усталёўку… Нарэшце рэалізавалі большасць, дапамог брамнік. Таксама дзякуй за падтрымку нашым заўзятарам.

Крыўдным атрымалася параза ад «Віцебска», таму ў паядынку з «Пінскімі ястрабамі» неадменна трэба было перамагаць. Жа мы пачалі чэмпіянат дома, пры сваіх гледачах. Трэнер папрасіў з першых хвілін гуляць актыўна, бо супернік прыехаў у Ліду ў дзень матча. А з аўтобуса заўсёды цяжка выходзіць на лёд. Імкнуліся ў першым перыядзе навязаць сваю гульню.

Мае дзейсныя дзеянні? Павезла, што трапіў пару разоў па варотах… У матчы ж уся каманда працавала на дадатны вынік. Галоўнае, што ўзялі тры ачкі.