27.05.2020

Ігар Спяшылаў: «Хочацца перапрасіць заўзятараў: мы выступаем так дрэнна, а яны ўсё адно прыходзяць нас падтрымваць»

Нападнік «Ліды» Ігар Спяшылаў учора правёў апошні матч за «рыцараў» у бягучым сезоне, а пасля адправіўся ў шэрагі «Дынама-Маладзечна».

Пасля гульні з «Пінскімі ястрабамі» форвард падвёў вынік паядынку, а таксама падзякаваў заўзятараў за падтрымку.

— Ведаў, што ў бягучым сезоне гэта мой апошні матч за «Ліду». Тым не менш, наладжваўся на яго па-звычайнаму, як заўсёды. Імкнуліся перамагчы, але з-за сваіх жа абмылаў прайгралі яго. Да таго ж не рэалізавалі свае моманты.

— Супернік кінуў па браме 14 разоў, пры гэтым закінуў пяць шайбаў…

— Не трэба ўпікаць у гэтым толькі лінію абароны. Значыць уся каманда недзе недапрацавала, не клалася пад шайбу, да прыкладу.

— Асабіста ты знаходзішся ў ліку самых дзейсных хакеістаў «Ліды». Тым не менш, з якімі пачуццямі ідзеш з каманды, якая ідзе на апошнім месцы ў табліцы?

— Насамрэч хочацца перапрасіць заўзятараў: мы выступаем так дрэнна, а яны ўсё адно прыходзяць нас падтрымваць. Ніяк не можам знайсці сваю гульню, увесь час адбываюцца нейкія правалы. Нават сорамна ім потым у вочы глядзець…

Хачу падзякаваць усіх заўзятараў «Ліды» за падтрымку, якую яны аказвалі цягам усяго сезона. Жадаю ім здароўе, шчасце, каб яны ніколі не адварочваліся ад сваёй каманды, былі заўзятарам ёй нават у самыя цяжкія часы.