24.11.2020

Павел Мікульчык: «Не хапіла сіл, таму што шмат часу правялі ў меншасці»

Пасля матча паміж «Брэстам» і «Лідай» (4:3) галоўныя трэнеры камандаў падвялі вынік паядынку.

Павел Мікульчык, галоўны трэнер «Ліды»:

— Пачатак правалілі, ізноў выйшлі несабраныя. Хоць мы такія моманты прагаворваем, разбіраем, але як атрымалася…

У другім перыядзе мы выраўналі гульню, у нас было звышдастаткова момантаў, але ўсё міма брамы, штангі — шайба проста не ішла. Падвяла яшчэ нас дысцыпліна — было шмат выдаленняў. Галы прывезлі, валодаючы шайбай, і таму нам не хапіла сіл на канцоўку. Нават пры гэтым рахунку можна было б выцягнуць гульню, але нам не хапіла гэтых сіл, таму што шмат часу правялі ў меншасці. А так, баявая гульня з абодвух бакоў, з дастаткам момантаў каля абедзвюх камандаў, але настаём на тыя ж самыя граблі.

— На мінулай прэс-канферэнцыі ў Брэсце вы жаліліся на кароткую лаўку, ці змянілася сітуацыя з таго моманту?

— Так, дадаліся да нас гульцы. Мартынаў — малады хлапчук, але гуляе нестабільна. Кірыл Сачыўка таксама. Прыемна гуляць ў чатыры звёны, ў лепшы бок атрымалася ўзмацніцца нам.

Андрэй Кавалёў, галоўны трэнер «Брэста»:

— Першыя шэсць хвілін добра гулялі, а потым пайшлі «арэлі». Дзякуй богу, што стрэліла чацвёртае звяно, якія выступілі «джокерамі». Спецбрыгадамі незадаволены: яны проста знервавалі мяне, маглі і прапусціць ў большасці, будзем нешта змяняць. Балазе, што знайшліся свае «джокеры»: пры такой арэльнай гульні, адмысловы пінг-понг быў. Мы ў такі хакей гуляць не хочам.