27.05.2020

«Ліда» здабывае ў Пінску тры ачкі

«Рыцары» здабываюць важную выязную перамогу.

«Ліда» перапыніла трохматчавую серыю параз і давяла лік гульняў без перамог у суперніка менавіта да гэтай лічбы. З турнірнага пункту погляду выйграць сёння было важней менавіта гасцям, каб абвастрыць інтрыгу ў змаганні за пятае месца – яны са сваёй місіяй выдатна далі рады ў валявым стылі.

Каманды памяняліся галамі ў другім перыядзе, пакінуўшы пытанне пра вынік адкрытым да апошняй траціны: на шайбу Пухлоўскага ў большасці (Аляксандр закінуў «рыцарам» ужо трэці гол ў трох матчах) госці адказалі стрэлам ад сіняй Нурэка на 36-й хвіліне. Пасля перапынку гульня пайшла да абмылы, і яе дапусцілі «ястрабы». Хоць эпізод, які прывёў да другой шайбы ў іх браму, хутчэй трэба назваць няшчасцем: Тарасевіч, перапыняючы прастрэл Сіроціна, зрэзаў шайбу ў сваю браму. Гэты канфуз балюча стукнуў па гаспадарах, і яны хутка прапусцілі зноў – гэтым разам дазволіўшы Спяшылаву бесперашкодна расстраляць браму Хмыза з левага краю.

Нягледзячы на тое, што пінскім хакеістам атрымалася хутка адыграць адну шайбу (класны сольны праход з адпаведным завяршэннем прыдумаў Шувалаў), здзейсніць зваротны камбэк яны не змаглі. Адлегласць паміж камандамі скарацілася да мінімуму, і ўсё змаганне ў гэтай пары яшчэ наперадзе.

ПІНСКІЯ ЯСТРАБЫ – ЛІДА – 2:3 (0:0, 1:1, 1:2)
22 студзеня. Пінск, Лёдавы палац. Пачатак – ў 19.00. 372 гледачы.
Суддзі: У. Руф, Ю. Мішчанка, Д. Казакоў.
ПІНСКІЯ ЯСТРАБЫ: Шпілеў (Хмыз, 27.16); Кудраўцаў – Свірыд, Налётаў – Сцяпанаў (Да) – Шувалаў; Габрусь – Тарасевіч, Пазднякоў – Роўба – Донскі; Ісайкоў – Мартынюк, Пухлоўскі – Каскоў – Лукашэвіч; Фядосаў – Майсеновіч – Н. Міхайлаў; Малішэўскі.
ЛІДА: Палякоў; Цырулёў – Рамановіч, Чырва – Кірпічонак (Да) – Ткачук; Марчанка – Нурэк, Буйніцкі – Спяшылаў – Сафін; Пятухоў – Раманаў, Казячы – В. Міхайлаў – Мартынаў; Сіроцін – Сачыўка, Валошын – Грынкевіч – Буяк.
ШАЙБЫ: 1:0 – Пухлоўскі (Габрусь, Налётаў, 24.35 – бол.). 1:1 – Нурэк (Спяшылаў, 35.28 – бол.). 1:2 – Сіроцін (47.13). 1:3 – Спяшылаў (Сафін, 48.10). 2:3 – Шувалаў (Н. Міхайлаў, Каскоў, 49.09).
КІДКІ: 26:32 (6:6, 9:13, 11:13).
ШТРАФ: 2 (Н. Міхайлаў) – 4 (Кірпічонак, В. Міхайлаў).
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Налётаў – Спяшылаў.