29.03.2020

Ачко набралі, але серыю не перапынілі. «Ліда» у авертайме саступіла «Брэсту»

Падчас працяглай паўзы «рыцары» правялі пэўную працу над абмыламі, аднак дадатнага выніку гэта не прынесла. Як вынік — чатырнаццатая параза запар. Гэтым разам у авертайме ад «Брэста».

Двубой стартаваў з частых атак хакеістаў «Ліды». Каўнярам гаспадароў па чарзе пагражалі Валошын, Марчанка, Сачыўка і Кірпячонак. Па ўзаемнай дамоўленасці паміж клубамі, арандаваны ў «рыцараў» галкіпер Кастусь Казлоўскі не мог браць удзел у двубоі, аднак і яго партнёр па новай камандзе быў добры. Артур Малкаў цягнуў, а пасля ўпэўненасць на апошняй мяжы перадалася і атакоўнай лініі «Брэста». Гаспадары пачалі гыркаць і бліжэй да сярэдзіны перыяду выраўналі становішча спраў на пляцоўцы. Кожная атака «зуброў» была ўсё вастрэй, і, на жаль, да перапынку падапечныя Паўла Мікульчыка прапусцілі. Палякаў і Малаткоў не здолелі выкінуць шайбу з «пятака», чым скарысталіся берасцейцы.

Другі перыяд больш актыўна пачалі гаспадары. Вытанчаная троххадоўка яшчэ на старце 20-хвілінкі магла паставіць «рыцараў» у незайздроснае становішча, аднак Палякоў, хоць і няўпэўнена, але выбавіў. Ціск працягнуўся да такой ступені, што часамі хакеісты «Ліды» цягам некалькіх хвілін не маглі выйсці са сваёй зоны. Аднак не заўсёды перавага ператвараецца ў галы. Госці ўцяклі ў рэдкую атаку і змаглі зраўнаваць рахунак. Ткачук праехаўся за каўнярамі суперніка і аддаў перадачу на Казячы, які нейкім дзівам не змог адправіць шайбу ў сетку з першай спробы. Але гэтым разам павезла: на дабіванні ён жа быў самым спраўным.

Госці маглі выйсці наперад, а ў выніку прапусцілі самі. Спяшылаў і Буяк выходзілі на аднаго абаронцу «Брэста», але момант не рэалізавалі. Падчас зваротнай атакі Самсонаў выдаў ювелірную перадачу ўздоўж брамы. Білішчук заставалася толькі трапіць у пусты кут, што ён і зрабіў.

Трэці перыяд пачаўся з выдалення Раманава, але небяспека паўстала на палове пляцоўкі «зуброў». Спяшылаў выкаціўся на рандэву з галкіперам «Брэста», аднак цаной парушэння правілаў яго праход быў спынены. Хвілінамі праз добры момант выпусціў Астанков: Малкаў выратаваў. «Ліда» працягнула атакаваць і неўзабаве дасягнула мэты. Той жа Астанков скарыстаўся абмылай гаспадароў у абароне і рахунак зраўнаваў.

За кошт большасці канцоўку перыяду актыўней правялі берасцейцы, але агульнымі высілкамі «рыцары» адбіліся і яшчэ да пачатку авертайма запісалі ў свой актыў першы бал па ходзе другога этапу экстралігі. На жаль, але большага падапечным Паўла Мікульчыка дасягнуць не атрымалася. У дадатковай 5-хвілінцы галкіпер «Брэста» пачаў галявую атаку сваёй каманды, якая завяршылася дуэллю Палякова і Кафеева. Яе выйграў абаронца «зуброў». Да серыі булітаў заставалася 22 секунды…

БРЭСТ – ЛІДА – 3:2 (1:0, 1:1, 0:1, 1:0) АД
16 снежня. Брэст, Лёдавы палац. Пачатак – у 19.00. 1600 гледачоў.
Суддзі: У. Пляц (Наваполацк), Е. Ганчароў (Гомель), Д. Казакоў (Магілёў), Д. Грыцкевіч (Мінск).
БРЭСТ: Малкаў; Лемачка – Мінгазаў, Мірончык – Кубракоў; Грыбко – Кафеев, Мусіенка – Карсакаў – Каваленя (да); Пятручык – Трыпук, Білішчук – Менцюк – Балаболкін; Хамякоў – Лоскутаў – В.Карабанаў; Ю.Карабанаў, Хадаровіч.
ЛІДА: Палякоў; Марчанка – Сачыўка, Казячы – Спяшылаў – Сафін; Цырулёў – Раманаў, Ткачук – Кірпячонак (да) – Чырва; Пятухоў – Рамановіч, Валошын – Бабко – Астанкаў; Буяк, Малаткоў.
ШАЙБЫ: 1:0 – Трыпук (Мірончык, Кубракоў, 17.36). 1:1 – Казячы (32.00). 2:1 – Білішчук (Самсонаў, Кубракоў, 37.26). 2:2 – Астанкаў (Бабко, 50.41). 3:2 – Кафеев (Самсонаў, Малкаў, 64.38).
КІДКА: 18:37 (4:5, 8:12, 4:19, 2:1).
ШТРАФ: 4 (Каваленя – 4) – 4 (Раманаў, Сачыўка).
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Трыпук – Спяшылаў.

Становішча камандаў: 1. «Лакаматыў» — 8 ачкоў (3 гульні); 2. «Брэст» — 8 ачкоў (4 гульні); 3. «Магілёў» — 8 ачкоў (4 гульні); 4. «Хімік» — 8 ачкоў (4 гульні); 5. «Ліда» — 1 ачко (4 гульні); 6. «Пінскія каршакі» — 0 ачкоў (3 гульні).