21.04.2021

Няшчасныя буліты. У юбілейнай гульні «Ліда» саступіла юніёрскай зборнай Беларусі

Да шкадавання, 500-ую, юбілейную, гульню ў экстралізе «рыцары» прайгралі. Пры гэтым ужо чацвёрты раз у цяперашнім сезоне падапечныя Эдуарда Валіуліна саступілі ў серыі булітаў.

Юніёрская зборная здолела-ткі перапыніць непрыемную серыю з сямі параз запар, у гасцях адолеўшы аднаго з лідараў экстралігі «Б» – «Ліду».

Пачатак матча ў юніёраў не задаўся. Да 15-й хвіліны стартавага перыяду яны саступалі больш умеламу суперніку – 1:3. Бунец двойчы здолеў адрозніцца ў большасці, засмуціў галкіпера Жыгалава і адзін з лепшых бамбардзіраў лігі Дзяніс Зайчык.

Але госці рук не апусцілі: плённа пагутарыўшы ў апранальні, падапечныя Змітра Шульгі спачатку скарацілі адставанне, а да 32-й хвіліны сустрэчы рахунак зраўналі. У асноўнае, як і ў дадатковы час, гледачы больш не ўбачылі закінутых шайбаў, дый у серыі булітаў дзейсным апынуўся толькі адзін кідок – нападніка U18 Уладзіслава Шыла.

Юніёры перапыняюць серыю няшчасцяў і зноў падбіраюцца да ідучых шостымі «каршакоў» на адлегласць двух балаў. «Рыцары» кладуць у сваю скарбонку адно ачко, але пакуль не перажываюць за трэцюю пазіцыю ў табліцы – запас балаў, што дазваляюць камандзе Эдуарда Валіуліна меркаваць на стыкавыя матчы, здаецца, ужо не разгубіць.

ЛІДА – БЕЛАРУСЬ U18 – 3:4 (3:1, 0:2, 0:0, 0:0, 0:1) Бул
9 студзеня. Ліда, Лёдавы палац. Пачатак – у 17.00. 197 гледачоў.
Суддзі: М. Ражкоў (Горадня), Р. Чыжэўскі (Пружаны), В. Язерскі (Гомель).
ЛІДА: Шалесны; Вусік – Тарасевіч, Ідыятулін – Зайчык – Спяшылаў; Госцеў – Кудзін, Бунец – Міхайлаў (А) – Рашэўскі; Малішэўскі – Кардашоў, Серакоў (Да) – Бастрыкін – Маршчонак (А); Юхневіч – Бусько, Смыкоў – Гайдук – Якунін.
БЕЛАРУСЬ U18: Жыгалаў; Сазановіч – Сушчынскі, Шыла (А) – Пальшакоў (Да) – Міхалёў; Рагач (А) – Глінскі, Нікалаеня – Ігнаценка – Сідараў; Стасенка – Грамовіч, Мароз – Аношка – Сацішвілі; Асташэвіч – Марозаў – Лашко; Жыхараў.
ШАЙБЫ: 1:0 – Зайчык (Спяшылаў, Ідыятулін, 3.32). 2:0 – Бунец (Кудзін, Міхайлаў, 11.21 – бол.). 2:1 – Мароз (Сушчынскі, Сацішвілі, 11.47). 3:1 – Бунец (Міхайлаў, Кудзін, 14.29 – бол.). 3:2 – Марозаў (23.50). 3:3 – Лашко (Марозаў, 31.46). 3:4 – Шыла (65.00, вырашальны буліць).
На 38-й хвіліне Бунец не рэалізаваў буліта (брамнік).
БУЛІТЫ: 0:0 – Смыкоў. 0:1 – Шыла. 0:1 – Якунін. 0:1 – Лашко. 0:1 – Ідыятулін. 0:1 – Мароз. 0:1 – Тарасевіч. 0:1 – Сідараў. 0:1 – Рашэўскі.
КІДКІ: 35:25 (14:9, 7:6, 13:8, 1:2).
ШТРАФ: 12 (Кудзін, Шалесны, Бунец, Вусік, Зайчык, камандны штраф – 2) – 6 (Жыгалаў, Глінскі – 4).
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Бунец – Лашко.