30.11.2020

«Нёман» – «Ліда»: гаспадары ўчынілі разгром «рыцарам»

Апошні матч у Кубку Салея «Ліда» правяла ў гарадзенскага «Нёмана», дзе саступіла з рахункам 7:0
Рахунак у гэтым матчы быў адкрыты на 9-й хвіліне: у большасці адрозніўся капітан гарадзенцаў Сяргей Маляўка. Неўзабаве стартавы ціск гарадзенцаў прывёў да яшчэ аднаго выдалення і другой шайбы «чырвона-чорных» – Ягор Сцяпанаў магутным кідком уразіў браму Шалеснага. У першым перыядзе была закінута яшчэ адна шайба. «Рыцары» выпусцілі з-пад увагі Сяргея Маляўку, а той не пакінуў галкіперу гасцей шанцаў, аформіўшы дубль.

На першым адрэзку матча ў маладога галкіпера «Нёмана» Віктара Майсеенкі адменна не было працы, але на старце другой дваццаціхвілінкі месца ў каўнярах заняў больш дасведчаны Максім Гарадзецкі. «Ліда» ж працягнула падаляцца і зноў паплацілася за гэта: Павел Печур зрабіў рахунак зусім пераканаўчым. А дзве хуткія шайбы ад Яскевіча і Паліўка вымусілі трэнерскі штаб гасцей пайсці на замену галкіпера.

Які выйшаў на лёд Іван Палякоў, нягледзячы на некалькі яркіх сэйваў, нядоўга заставаўся сухім: даканцовы рахунак на табло ўсталяваў на старце апошняй траціны Сяргей Маляўка, які аформіў хэт-трык. На гэтым галявыя поспехі гаспадароў скончыліся, а Палякоў разам з 15 сэйвамі за няпоўныя 26 хвілін заслужыў званне лепшага гульца матча ў складзе гасцей. «Нёману» гэта пераканаўчая вікторыя падняла настрой, аднак шанцаў на першае месца ў групе ў гарадзенцаў ужо не засталося.
ХК «Нёман» Горадня — Хакейны клуб «Ліда» 7:0 (3:0, 3:0, 1:0)
1:0 – С. Маляўка (Закарлюкін), ГБ
2:0 – Е. Сцяпанаў (Абметка, Ляўшун), ГБ
3:0 – С. Маляўка (А. Маляўка, Бажко)
4:0 – 25:03 Печур (Дрындрожык, Малашкевіч), ГБ
5:0 – 34:19 Яскевіч (Дрындрожык, Малашкевіч)
6:0 – 34:34 Паліўка (С. Маляўка, Абметка)
7:0 – 40:47 С. Маляўка (Пласцінін, Закарлюкін) ГБ
Штраф: 6:14
Кідкі: 41:12 (11:5, 19:5, 11:2)
Лепшыя гульцы: Маляўка С., Палякоў

НЁМАН: Майсеенка (Гарадзецкі); Сяргеяў — Паліўка, С. Маляўка (Да) — Абметка — А. Маляўка; Сцяпанаў (А) — Бажко, Варывончык — Дзюбіньскі (А) — Ляўшун; Сушко — Яскевіч, Фурса — Пласцінін — Закарлюкін; Печур — Малашкевіч — Дрындрожык; Рамановіч, Ажгірэй.
ЛІДА: Шалесны (Палякоў); Вусік — Тарасевіч, Бастрыкін — Бусько — Маршчонак (Да); Кардашоў (А) — Цітук, Бунец — Міхайлаў — Мікульчык; Волес — Мацюшэнка, Апанасевіч — Гайдук — Ідыятулін; Госцеў — Малішэўскі, Будзевіч — Смыкоў — Барткевіч.