27.10.2020

Чатыры шайбы ў меншасці. «Ліда» на выездзе патрывала буйную паразу ад «Брэста»

Наша каманда дазволіла «зубрам» перапыніць няўдалую серыю.

Берасцейцам, вядома, было няпроста. Пажар – гэта заўсёды вельмі непрыемная падзея. Якое здольна негатыўна паўплываць на настрой. А тут яшчэ і чатыры паразы падрад – цяжкі груз. З іншага боку, нялёгка было і гасцям, якія прыехалі на берагі Буга з не менш цяжкімі вярыгамі. Ды яшчэ і пасяліліся, па зразумелых прычынах, хто ў саўне, а хто – у сушылцы. Сітуацыя, якая можа як матываваць і мабілізаваць, гэтак і роўным лікам наадварот. Але ўсё гэта фон.

А дзейства на пляцоўцы падзейна і па ісце падзялілася на два лагічныя акты. Мяжой паміж імі выступіў другі перапынак. Да гэтага каманды на лёдзе ўяўлялі сабою ў цэлым роўнавялікія адзінкі. Калі не лічыць стартавай пяціхвілінкі, якая цалкам засталася за гаспадарамі. Чаму «зубры» не змаглі закінуць у такім рэжыме штурму – загадка. Не закінулі – так прапусцілі, абразаўшыся ў сярэдняй зоне. Палінін выкалупаў шайбу ў супернікаў ля борта і адправіў Сафіна і Міхайлава да каўняроў «Брэста». Тыя распісалі выйсце «два ў аднаго», як па падручніку.

Гэты гол збіў з падапечных Андрэя Кавалёва пыху. Тыя перабудаваліся, сталі гуляць асцярожней. І з халоднай галавой ды гарачым сэрцам ім атрымалася адыграцца яшчэ до перапынку: адрозніўся Мянцюк, якому наканавана будзе набраць тры ачкі і стаць ледзь не галоўным героем матча. Пасля поспеху «зубры» было зноў уключылі фарсаж, але зусім не ў час прагучала сірэна.

Другая траціна прайшла пад знакам бясконцых абмылаў. Каманды раз-пораз абразаліся на чужых сініх лініях, падаючы супернікам магчымасці для кінжальных контратак. «Адзін у нуль», «два ў аднаго», «тры ў два» — гледачы ўбачылі поўны камплект практыкаванняў. Але ніводны з падыходаў не завяршыўся голам.

Гаспадары адыграліся за ўсе свае выпушчаныя шанцы ў апошняй траціне. У якой на лёдзе быў толькі адзін калектыў – той, што ў фіялетавых джэрсі. Спачатку Самсонаў рэалізаваў большасць, што дасталася ў спадчыну з другога перыяду. Амаль імгненна Пампаваны дадаў у роўных складах, праз пяць хвілін Мянцюк аформіў дубль у яшчэ адным пауэрплее. Калі ў «Ліды» і быў нейкі шанец на адраджэнне, то яго не стала на 49-й хвіліне, калі Марчанку атрымаў «4+10» за атаку ў галаву. Гэта быў прысуд.

БРЭСТ – ЛІДА – 6:1 (1:1, 0:0, 5:0)
12 лютага. Брэст, Лёдавы палац. Пачатак – у 19.00 450 гледачоў.
Суддзі: М. Бялевіч, П. Асмалоўскі, Д. Грыцкевіч, Р. Чыжэўскі.
БРЭСТ: Малкаў; Лямачка – Мінгазаў, Мірончык – Самсонаў – Кубракоў; Грыбко – Ю.Карабанаў, Шантыка – Карсакаў – Мянцюк; Пятручык – Кафееў, Каваленя (Да) – Лоскутаў – Балаболкін; Хамякоў – Пампаваны – Хадаровіч, Бощук, Селівонік.
ЛІДА: Палякоў (Завіруха, 56.16); Цырулёў – Сачыўка, Казячы – Кірпічонак (Да) – Ткачук; Марчанка – Раманаў, Буйніцкі – Грынкевіч – Валошын; Футра – Нурэк, Палінін – В. Міхайлаў – Сафін; Пятухоў – Малаткоў, Батурын – Бабко – Буяк.
ШАЙБЫ: 0:1 – В. Міхайлаў (Сафін, 5.44). 1:1 – Мянцюк (Грыбко, 14.03). 2:1 – Самсонаў (Мінгазаў, Кубракоў, 40.39 – бол.). 3:1 – Пампаваны (Мянцюк, 42.12 – бол.). 4:1 – Мянцюк (Корсакаў, Балаболкін, 47.26 – бол.). 5:1 – Каваленя (Кафееў, 51.34 – бол.). 6:1 – Хамякоў (Хадаровіч, 56.03).
КІДКІ: 32:37 (8:10, 12:14, 12:13).
ШТРАФ: 6 (Пампаваны, Кубракоў, Пятручык) – 22 (Сачыўка, Малаткоў, Казячы – 4, Марчанка – 14).
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Мянцюк – Кірпічонак.