15.08.2020

На хатняй арэне «Ліда» ізноў перайграла «Брэст»

«Рыцары» здабылі валявую перамогу над берасцейцамі.

У Лідзе сустракаліся, можна сказаць, дзве процілегласці: «Брэст», што роспачна чапляецца за шанцы трапіць у экстралігу «А», і «рыцары», якія фактычна дагульваюць сезон. І гаспадары выдатна прадэманстравалі, што дагульваць яго можна па-рознаму.

Зрэшты, першы перыяд у іх выкананні атрымаўся далёкім ад дасканаласці. Госці адкрылі рахунак высілкамі Балаболкіна, валодалі перавагай і заканамерна завяршылі адрэзак пераможна. Аднак пасля перапынку ўсё перавярнулася з ног на галаву. Другі перыяд куды ўпэўненей і на парадак дзяйсней правялі ўжо хакеісты «Ліды», якія тройчы пакаралі суперніка за правалы ў абароне.

Асабліва паспрабаваў у арганізацыі галявых атак Артур Буйніцкі, якога хакей крыху позна ўзнагародзіў і закінутай шайбай. Старанны форвард адправіў яе ў пустую браму ў трэцім перыядзе, калі берасцейцы пайшлі па-банку і замянілі галкіпера на шостага палявога хакеіста. Пры рахунку 3:1 каманды гулялі да гола, арганізаваць яго цалкам маглі і «зубры», але тых выбаўляў Палякоў.

Для «Ліды», якая ў астатніх турах, паводле слоў галоўнага трэнера, плануе гуляць дзеля сваіх заўзятараў, з новай сілай загарэлася і іншая матывацыя – завяршыць пераходны турнір не на апошнім месцы. Да «ястрабаў» пасля сённяшняй перамогі застаецца чатыры ачкі.

ЛІДА – БРЭСТ – 4:1 (0:1, 3:0, 1:0)
31 студзеня. Ліда, Лёдавы палац. Пачатак – у 19.00. 279 гледачоў.
Суддзі: У. Руф, І. Міхеенка, Д. Грыцкевіч.
ЛІДА: Палякоў (Завіруха); Цырулёў (А) – Марчанка, Казячы – Кірпічонак (Да) – Ткачук; Футра – Нурэк, Палінін – В. Міхайлаў – Сафін; Малаткоў – Раманаў, Буйніцкі – Грынкевіч – Мартынаў; Валошын – Бабко – Буяк; Пятухоў.
БРЭСТ: Малкаў (Галенка); Лямачка – Мінгазаў (Да), Мірончык – Самсонаў – Кубракоў; Грыбко (А) – Кафееў, Шантыка – Карсакаў – Мянцюк; Карабанаў – Трыпук, Мусіенка (А) – Лоскутаў – Балаболкін; Пятручык – Башчук, Хамякоў – Дунаеў – Хадаровіч.
ШАЙБЫ: 0:1 – Балаболкін (Мусіенка, Кафееў, 8.37). 1:1 – Сафін (Нурэк, 24.30). 2:1 – Мартынаў (Буйніцкі, 28.22). 3:1 – Грынкевіч (Буйніцкі, 30.58). 4:1 – Буйніцкі (56.49, у пустую браму).
КІДКІ: 19:19 (5:8, 8:4, 6:8).
ШТРАФ: 6 (Буяк–4, Марчанка) – 2 (Самсонаў).
ЛЕПШЫЯ ГУЛЬЦЫ: Буйніцкі – Балаболкін.